close

Вход

Забыли?

вход по аккаунту

?

PZ Lexika belaruskay movy

код для вставкиСкачать
Практычны занятак па тэме "ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ"
Лексіка (ад грэч. lexikos - слоўнікавы) - гэта ўвесь слоўнік (слоўнікавы склад), сукупнасць слоў пэўнай мовы. Лексікай называюць не толькі слоўнік мовы таго ці іншага народа, але і сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці асобнага пісьменніка, у асобным творы, пэўнай гаворцы і інш. Раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку называецца лексікалогіяй. Тэрмін "лексікалогія" ўтворан з двух грэчаскіх слоў: lexis - слова (lexicos - слоўны) і logos - слова, вучэнне. Такім чынам, лексікалогія - гэта літаральна "слова аб слове" або вучэнне аб слоўнікавым складзе мовы. Прадметам вывучэння лексікалогіі з'яўляюцца лексічная сістэма, слоўнікавы склад мовы і асобнае слова як важнейшая адзінка гэтага складу. Лексіка не механічная сукупнасць слоў, а сістэма суадносных і ўзаемазвязаных элементаў. Таму ў задачы лексікалогіі ўваходзіць вывучэнне і сістэматызацыя слоўнікавага складу, шляхоў развіцця слоў і іх значэнняў, вывучэнне паходжання слоў і іх значэнняў, вызначэнне сферы іх ужывання. Адсюль вынікае, што асноўнай адзінкай лексікалогіі з'яўляецца слова і яго значэнне.
Слова - гэта гук ці комплекс гукаў, які мае значэнне, ужываецца ў мове як самастойная цэласная адзінка і служыць сродкам моўных зносін. Значэнне слова - гэта суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам ці з'явай рэчаіснасці, унутраны бок, змест. Гучанне слова - гэта яго знешні бок, форма. Форма і змест слова знаходзяцца ў непарыўным адзінстве.
1. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
Лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы ахоплівае многія сотні тысяч слоў, розных як па часе ўзнікнення, так і па паходжанні. Фарміраванне яе, як і самой беларускай мовы, непарыўна звязана з гісторыяй народа: адпаведна таму, як адбывалася фарміраванне народа на стадыях рода, племені, народнасці і нацыі. Гэтую складаную гісторыю народа мова адлюстравала ў сваім слоўнікавым складзе.
Паводле паходжання лексіка беларускай мовы падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і запазычаная лексіка.
Асноўны пласт слоўнікавага запасу сучаснай беларускай мовы - спрадвечна беларускія словы, якія вызначаюць нацыянальную адметнасць і самабытнасць, адлюстроўваюць гісторыю развіцця лексікі беларускай мовы. У адпаведнасці з адносна ўстаноўленай храналогіяй развіцця слоўніка беларускай мовы ў ім вылучаюць некалькі пластоў спрадвечнай лексікі.
Самы старажытны пласт - агульнаславянскія словы. Яны сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах. Гэта назвы асоб: маці, сын, сястра, брат, дзед; частак цела: глотка, калена, валасы; свойскіх жывёл: авечка, бык, карова, кабан, кабыла, конь, каза; дзікіх звяроў: воўк, ліса, заяц; птушак: бусел, галка, варона; прадметаў: калода, валун, жэрдка, вулей; раслін: асака, бяроза, ліпа; адзення, абутку: кабат (безрукаўка), кашуля; адцягненых паняццяў і з'яў прыроды: заўтра, імгла, агонь; дзеянняў, стану: ісці, гаварыць, маўчаць.
Агульнаўсходнеславянскія словы - гэта словы, якія пасля распаду агульнаславянскага моўнага адзінства ў працэсе фарміравання старажытнарускай народнасці праяўляліся толькі ў мове ўсходніх славян - продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Такіх слоў няма ў іншых славянскіх мовах. Фарміраванне і ўзбагачэнне слоўніка ўсходнеславянскага перыяду адбывалася пераважна за кошт уласных, унутраных рэзерваў мовы. Напрыклад, ад агульнаславянскага племя ўтварылася слова пляменнік. Усходнеславянская лексіка значна папоўнілася новымі словамі ў выніку ўскладнення і змянення сэнсавай структуры слоў, вядомых раней, яшчэ ў перыяд агульнаславянскай мовы. Так, агульнаславянскае слова зямля (глеба, дол) набывае значэнні "дзяржава", "народ", "уладанне" і дае вытворныя: зямлянін, земскі, земец.
Лексічныя ўтварэнні ўсходнеславянскага перыяду папоўнілі ўсе традыцыйныя тэматычныя пласты агульнаславянскай лексікі, паклалі пачатак некаторым новым прадметна-тэматычным групам слоў. Сярод гэтых новых слоў назвы і тэрміны:
* роднасці і сваяцтва: бацька, дзядзька, падчарыца, пляменнік;
* асоб па характару паводзін, роду дзейнасці, месцы жыхарства: балагур, бондар, весялун, знахар, мельнік, селянін;
* жывёл, птушак: галка, жаваранак, каршун, кошка, курапатка;
* раслін, пладоў, ягад, грыбоў і інш.: грэчка, грузд, куст, часнок;
* прадметаў быту, інструментаў, прадуктаў вытворчасці і інш.: аброць, багор, вяроўка, кадка, карзіна, качарга, латок, лыжка, пояс, самавар, скрыпка;
* абстрактных паняццяў, у тым ліку прымет і якасцей, дзеянняў і працэсаў, адзінак уліку, адрэзкаў часу і інш.: давер'е, пацеха, бойкі, дрымучы, каравы, балаваць, бурліць, калыхаць, адзінаццаць, дваццаць, пасля.
Не ўсе словы ўсходнеславянскай пары захаваліся ў сучасных беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Частка іх выпала з актыўнага ўжытку (грыўня, раць, стралец), асобныя словы змянілі сваю семантыку, некаторыя засталіся толькі ў дыялектах. Значная частка ўсходнеславянскіх слоў захавала сваё першапачатковае значэнне. Усходнеславянскі лексічны пласт і на працягу наступных стагоддзяў служыў базай для шматлікіх пазнейшых наватвораў ва ўсіх сферах бытавога, грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.
Уласнабеларускія словы складаюць спецыфіку лексічнай сістэмы беларускай мовы. Яны адносяцца да перыяду фарміравання і развіцця самастойнай беларускай мовы. Гэта словы, якія ў пэўнай ступені вызначаюць спецыфіку слоўніка беларускай мовы, выяўляюць яе адметнасць і непаўторнасць, вылучаюць сярод іншых славянскіх моў. Яны розныя паводле паходжання. Адны з іх захаваліся ў беларускай мове яшчэ ад агульнаславянскай эпохі, але сучаснай рускай і ўкраінскай мовам неўласцівыя або вядомыя як устарэлыя ці вузкамясцовыя лексічныя адзінкі: абрус, астрог, ляда, туляцца, лазня, паклёп і інш. Некаторыя з гэтых слоў у беларускай мове змянілі сваю семантыку. Так, назоўнік абрус (обрусъ) у агульнаўсходнеславянскай мове меў значэнне "хустка", "ручнік", у сучаснай беларускай мове - "настольнік".
Значна больш слоў, якія маюць выразныя фанетычня і граматычныя прыметы старажытнай беларускай мовы. Так, характэрнай асаблівасцю ўласнабеларускіх слоў з'яўляецца наяўнасць прыстаўных галосных і зычных гукаў: аржаны, імгла, вольха, вось; склады ры, лы на месцы ръ, лъ, рь, ль (у рускай мове ро, ло, ре, ле): грымець, дрыжаць, крышыць, трывога; поўнагалоссе - там, дзе ў рускай мове яно адсутнічае: агароджа, вораг, пасярод, прахалода, салодкі.
У перыяд самастойнага існавання беларускай мовы (з XIV ст.) пачынаюць узнікаць словы з беларускімі каранёвымі марфемамі. Словы бытавой, сямейнай, сельскагаспадарчай лексікі, назвы розных якасцей, дзеянняў і працэсаў трапляюць у старажытнабеларускую мову з народных гаворак: адпачынак, бусел, бліскавіца, гук, жніво, страва, апошні, асаблівы, здарыцца, сачыць, трымаць, адсюль, тады і інш.
Усе словы, якія беларуская мова захавала з перыяду агульнаславянскага, агульнаўсходнеславянскага адзінства, а таксама ўласнабеларускія, называюцца спрадвечна беларускімі, бо карысталіся імі носьбіты беларускай мовы здаўна - спрадвеку.
Акрамя спрадвечна беларускіх, у лексіцы сучаснай беларускай мовы вылучаюцца словы, запазычаныя з іншых моў. Засваенне мовай іншаземных слоў - натуральны вынік эканамічных, палітычных і культурных сувязей з іншымі народамі. Запазычванне адбываецца двума шляхамі: вусным - праз непасрэдны кантакт з носьбітам другой мовы і пісьмовым - праз навуковую і мастацкую літаратуру, афіцыйныя дакументы. Самыя буйныя пласты запазычанняў у лексічнай сістэме беларускай мовы ўтварылі паланізмы, лацінізмы і германізмы. Пранікненню польскіх лексічных сродкаў (паланізмаў) адкрывала рэальную магчымасць тое, што беларуская мова на працягу амаль чатырох стагоддзяў развівалася ва ўмовах беларуска-польскага двухмоўя. Ад таго часу ў беларускай мове захаваліся паланізмы відэлец, замак, зброя, здрада, курок, палкоўнік, пан, скарб, паядынак, хлопец, чвэрць, герб, што замацаваліся пераважна ў сферы побыту. Словы нямецкага паходжання (германізмы) пранікалі ў беларускую мову непасрэдна ад нямецкіх гандляроў, а таксама ад каланістаў, рамеснікаў і вайсковых спецыялістаў, што запрашаліся ў ВКЛ, і праз польскае пасрэдніцтва, найбольш у другой палове XVI-XVII стст. І цяпер у беларускай мове ўжываюцца германізмы з галіны рамяства, будаўніцтва, тэхнікі (гонта, дах, кафля, муляр, тынкаваць, цвік), ваеннай справы (афіцер, варта, вахта, куля, рота, штурм), гандлёвай сферы (гандаль, гатунак, кірмаш, крама, рынак), бытавога і гаспадарчага жыцця (кухня, ліхтар, труна, фартух, шафа, шуфляда, ланцуг, скіба) і інш. Словы грэчаскага паходжання (грэцызмы) пранікалі ў беларускую мову праз пераклады рэлігійнай і навуковай літаратуры, а таксам ў сувязі з тым, што ў XVI-XVII стст. грэчаская мова займала важнае месца ў школьным навучанні на Беларусі. Большасць грэцызмаў - тэрміны навукі і культуры: алегорыя, арыфметыка, астраномія, граматыка, дыялог, камедыя, космас, муза і інш.
З невялікай групы царкоўнаславянізмаў толькі адзінкавыя словы запазычаны непасрэдна з царкоўнаславянскай мовы (воблака, улада, уласны). Усе астатнія словы з выразнымі прыметамі царкоўнаславянскай мовы ўвайшлі праз рускую мову і таму ў беларускай мове толькі ўмоўна могуць лічыцца царкоўнаславянізмамі.
У XVI-XVII стст. беларуская лексіка папоўнілася, пераважна праз польскую мову, французскімі словамі - галіцызмамі (візіт, драгун, партфель, парфума, пашпарт, форт), італьянскімі (гвардыя, кавалер, канцэрт, капітан, коўдра, лімон, палац, салата), чэшскімі (брама, мешчанін, праца, табар, франт), венгерскімі (гусар, магерка, шарэнга).
Большасць цюркізмаў прыйшла ў беларускую мову на працягу XIV-XVII стст. у выніку непасрэдных кантактаў беларускага насельніцтва з прадстаўнікамі цюрскіх народаў (пераважна з крымскімі татарамі) і праз пасрэдніцтва суседніх слоў - рускай, украінскай, польскай. З таго часу ў беларускай мове ўжываюцца цюркізмы бытавога характару: аршын, атлас, барсук, кафтан, кумыс, харч, шаравары.
Акрамя наладжвання ўсебаковых сувязей з Захадам, у выніку якіх лексічная сістэма беларускай мовы ўзбагацілася тысячамі новых слоў, беларусы на працягу сваёй гісторыя мелі сувязі і з іншымі народамі. Вынікам літоўскага моўнага ўплыву стала замацаванне ў беларускай мове літуанізмаў бытавога характару (клуня, коўш, свіран, сцірта). Літоўскімі па паходжанні з'яўляюцца таксама некаторыя тапанімічныя назвы і прозвішчы (Ашмяны, Граўжышкі, Кушляны, Лукша, Марцуль, Юргель).
Некаторыя прыметы запазычаных слоў вельмі ўстойлівыя. Націск звычайна захоўваецца на тым складзе, на які ён падае ў мове-крыніцы. Так, запазычанні з польскай мовы маюць націск на перадапошнім складзе: арэ́нда, баво́ўна; з французскай мовы - на апошнім складзе: кампо́т, партэ́р. Фанетычнай прыметай запазычання можа лічыцца:
* гук [ф]: факт, фунт; * этымалагічныя пачатковыя [а], [э]: аршын, армяк, этап; * заднеязычныя [г], [к], [х] перад галосным: геній, кепска, сукенка, келіх;
* спалучэнне галоснага з насавымі [н], [м] у становішчы паміж зычнымі кораня: гонта, лямпа, канверт; * два галосныя побач у корані: прэзідыум, сілуэт, кааперацыя; * спалучэнні гукаў [шт], [шп], [шр], [дл], [тл]: штука, шпрыц, кавадла; * гук [ц] на месцы спалучэння [tj]: моц, цуда; * цвёрдасць зычных перад [е(э)]: сэнс, бэз, мэбля;
* спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, камюніке, фюзеляж;
* прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- і інш.: амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр;
* суфіксы -ізм (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр) і інш.: арганізм, сацыяліст, капіраваць.
Інтэрнацыянальныя словы ўжываюцца не менш чым у чатырох мовах, якія належаць да трох розных моўных груп, у прыватнасці еўрапейскіх.
Асобныя запазычаныя словы абазначаюць прадметы і паняцці, якія не ўласцівы беларускай рэчаіснасці, а характарызуюць палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё замежных краін. Напрыклад, словы лорд, сэр - словы спецыфічна англійскай, сейм, злоты - польскай, франк, кюрэ - французкай рэчаіснасці. Гэтыя словы хоць і ўжываюцца ў сучаснай белаускай мове, але лічацца лексічна неасвоенымі (лексічнае асваенне іншамоўных слоў - гэта абазначэнне імі прадметаў і паняццяў, уласцівых і беларускай рэчаіснасці. Падобныя іншамоўныя словы называюцца экзатызмамі (ад грэч. eksotikos - незвычайны, спецыфічна замежны). Як правіла, экзатызмы асвоены графічна, фанетычна і марфалагічна. Часам ужываюцца і такія іншамоўныя словы, якія або зусім не асвоены, або асвоены толькі графічна. Гэтыя словы прынята называць варварызвамі (ад грэч. barbarismos - той, што ўрываецца). Нарыклад, Звон кафедральны кліча на Ave (М. Т.). Мы падняліся на сто другі паверх славутага "Эмпайр стэйт білдынга" і ўбачылі ва ўсе бакі бясконца вялікі, фантастычна расквечаны стройнымі і мітуслівымі гнямі Нью-Йорк (Б.). У апошнім прыкладзе назоўнік білдынг мае форму роднага склону, г. зн. зроблена мастацкая спроба марфалагічнага асваення аднаго з састаўных элементаў варварызма.
Варварызмы, як і экзатызмы, з'яўляюцца стылістычнымі сродкамі стварэння пэўнага замежнага каларыту. Аднак варварызмы адрозніваюцца ад экзатызмаў, якія могуць ужывацца як лексічная норма літаратурнай мовы, тым, што заўсёды знаходзяцца за межамі літаратурнай мовы. Апраўданае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання, правільнае іх асваенне не толькі не парушае нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, але і ўзбагачае яе лексічную сістэму.
2. Змены ў лексічнай сістэме беларускай мовы: актыўная і пасіўная лексіка
Разам са зменамi ў навуцы i тэхнiцы, у вытворчасцi i культуры, у грамадскiм ладзе i эканомiцы слоўнiкавы склад мовы пастаянна мяняецца, павялiчваецца, абнаўляецца за кошт узнiкнення новых слоў, якiя адлюстроўваюць гэтыя змены ў жыццi народа. Заканамерны і адваротны працэс знiкнення слоў, у вынікy чаго адны словы ўжываюцца часта і актыўна, а другiя - значна радзей. Па ўжывальнасцi ў мове лексiка падзяляецца на актыўную i пасiўную.
Да актыўнай лексiкi адносяцца агульнаўжывальныя словы, якiя не маюць нi адцення ўстарэласцi, нi адцення навiзны, напрыклад: вада, бабуля, дом, рака, брат, дзядзька, лес, каханне, гаварыцъ, светла, прыгожа. Да пасiўнай лексікі адносяцца рэдкаўжывальныя словы з адценнем устарэласцi цi навiзны: соцкі, уезд, вярста, дзесяцкі, дзіда; гідробус, электрашокер, вібрамасажор, прэзентацыя. Гiстарызмы (ад грэч. historikos - гiстарычны) - гэта назвы тых прадметаў, з'яў, паняццяў, якiя знiклi з сучаснай рэчаiснасцi, "сталi гiсторыяй", напрыклад: * назвы грамадска-палiтычных паняццяў, характэрных для мiнулых эпох (баярын, аброк, войт, найміт, парабак, земства, соцкі);
* назвы прылад працы (саха, пралка, ступа, цернiца);
* назвы зброi (дзiда, арбалет, шабля); * назвы адзення, абутку (андарак, аблавуха, пасталы, лапці, каптур, чапец, сярмяга, кабат). Архаiзмы (ад грэч. - archaios - старадаўнi, устарэлы) гэта словы, якiя з'яўляюцца ўстарэлымi назвамi тых прадметаў i паняццяў, што iснуюць у сучаснай рэчаiснасцi, але называюцца новымі словамi (можна падабраць сінонім): раць - войска, рамёны - плечы, аэраплан - самалёт, лемантар - буквар, тлумач - перакладчык, тартак - лесапiльня, гута - шклозавод. Неалагiзмы (ад грэч. neos - новы, logos - слова) - гэта новыя словы цi новыя значэннi вядомых слоў, якiя называюць новыя прадметы, з'явы сучаснай рэчаiснасцi i не страцiлi адцення навiзны: аквамабiл (прыстасаванне для перамяшчэння вадалазаў пад вадой); галаграфiя (метад атрымання аб'ёмнага малюнка) і інш. Як толькi такiя словы становяцца агульнавядомымi i страчваюць адценне незвычайнасцi, навiзны, яны з паciўнaгa слоўнiка перахадзяць у актыўны i перастаюць лiчыцца неалагiзмамi. 3. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага выкарыстання.
Слоўнікавы склад мовы характарызуецца не толькі колькасцю слоў, але і шырынёй іх выкарыстання. Аснову мовы складаюць добра вядомыя ўсім словы (бяроза, радасць, дзіця, учора, зіма). У процілегласць ім існуюць словы, якімі карыстаюцца толькі некаторыя носьбіты мовы, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі або ўтвараюць якую-небудзь закрытую сацыяльную ці прафесійную групу.
Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную лексіку (пашыраную ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага жыцця) і лексіку абмежаванага ўжывання (ужываную пераважна ў межах пэўнай прафесіі, галіны навукі, асобнай групы людзей). Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца спецыяльная лексіка (наменклатура, прафесіяналізмы і тэрміны), дыялектная лексіка, жаргонная лексіка і аргатычная.
Да агульнаўжывальнай лексікі адносяцца словы, выкарыстанне якіх не залежыць ад месца жыхарства, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы), г. зн. словы, якія аднолькава ўжываюць і разумеюць усе, хто гаворыць па-беларуску. Агульнаўжывальная лексіка з'яўляецца найбольш важнай часткай слоўніка нацыянальнай мовы, складае ядро лексічнай сістэмы, на базе якога адбываецца яе далейшае ўзбагачэнне і ўдасканаленне.
Да лексікі абмежаванага выкарыстання адносяцца словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай або сацыяльна абмежаванай групы людзей. У залежнасці ад таго, якія словы выкарыстоўваюцца пэўнымі групамі насельніцтва, і ад таго, як яны выкарыстоўваюцца, у рамках лексікі абмежаванага выкарыстання можна вылучыць наступныя групы: а) спецыяльная лексіка; б) дыялектная лексіка; в) жаргонная і аргатыўная лексіка.
Спецыяльная лексіка - гэта лексіка, якой карыстаюцца галоўным чынам толькі прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Сярод спецыяльнай лексікі выдзяляюцца тэрміналагічныя і прафесійныя словы і наменклатура. Тэрміны (ад лац. terminus - мяжа) - словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус - у матэматыцы, марфема, прыслоўе - у мовазнаўстве і інш.).
Прафесіяналізмы - гэта спецыяльныя словы і выразы, якія ўжываюцца ў маўленні прадстаўнікоў пэўных прафесій (будаўнікоў, шахцёраў, пчаляроў і інш., напрыклад: бучы, таптухі, кашалі, крыгі - назвы розных прылад для лоўлі рыбы; майна, віра - у будаўнікоў і г. д.). Значэнні гэтых слоў не ўключаюцца ў слоўнік.
Наменклатура - гэта сукупнасць уласных імёнаў і назваў, прысвоеных разнастайным рэаліям і аб'ектам навукі і тэхнікі (лазер "Дыполь", Стрымер-499, суперкамп'ютэр "Скіф").
Дыялектная лексіка - гэта лексіка беларускіх гаворак (картопля - бульба, тавар - карова на Палессі, судзіна - вялікая бочка ў рост чалавека для ссыпання збожжа і інш.).
Слова жаргон першапачаткова абазначала ў французкай мове сапсаваную мову. Зараз жа жаргон - сацыяльная разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца прафесійныя групы і сацыяльныя праслойкі людзей, аб'яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча. Існуюць, напрыклад, жаргоны ваенных і маракоў, акцёраў, фізікаў, моладзі і інш. Яны неаднолькавыя па распаўсюджанні, па той ролі, якую адыгрываюць у дадзеным асяроддзі, па паходжанні і асаблівасцях развіцця. Адной з разнавіднасцей жаргонаў з'яўляецца арго (ад франц. аrgot - замкнуты, нядзейны) - гэта лексіка групы людзей, што па нейкіх прычынах засакрэчваюць сваю мову (чуха - хачу, шывар - тавар, бан - вакзал). Гэта мова вандроўных гандляроў, рамеснікаў, жабракоў дарэвалюцыйнага часу. Гандляры і рамеснікі, ідучы на заробкі далёка ад родных мясцін, дамаўляліся пры неабходнасці гаварыць так, каб сярод чужых іх ніхто не змог зразумець. Ствараліся не проста словы, а цэлыя лексіка-семантычныя сістэмы - мовы, на якіх складалі песні, частушкі, прымаўкі, вершы.
4. Спецыяльная лексіка як частка лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Адрозненне тэрміналагічнай і прафесійнай лексікі
Спецыяльная лексіка (наменклатура, прафесіяналізмы і тэрміны), дыялектная лексіка, жаргонная лексіка і аргатычная .
Тэрміны і прафесіяналізмы адрозніваюцца паміж сабой цэлым шэрагам прымет:
а) часам і шляхамі свайго фарміравання (прафесіяналізмы ўтвараюцца значна раней і стыхійна, а ўтварэнне тэрмінаў адбываецца раней і носіць мэтанакіраваны характар);
б) нарматыўным статусам (тэрмін з'яўляецца афіцыйна ўзаконенай назвай навуковага паняцця, а прафесіяналізм - гэта слова, уласцівае гаворцы якой-небудзь групы асоб, аб'яднаных агульнай прафесіяй);
в) адносінамі да экспрэсіўнасці (прафесіяналізм амаль заўсёды экспрэсіўны, а тэрмін звычайна стылістычна нейтральны);
г) выкарыстаннем у розных тыпах тэкстаў (тэрміны пераважаюць у пісьмовых тэкстах, а прафесіяналізмы - у вусных);
д) пашыранасцю ў межах агульнанацыянальнай мовы (тэрміны маюць агульнанацыянальны і часам інтэрнацыянальны характар, а прафесіяналізмы нярэдка носяць мясцовы характар);
е) функцыянальнай нагрузкай (у шэрагу выпадкаў прафесіяналізмы з'яўляюцца функцыянальна другаснымі сшонімамі размоўна-экспрэсіўнага характару ў адносінах да эквівалентных ім пазначэнні тэрмінаў).
ПРАКТЫКАВАННІ
Вызначце, якія словы з'яўляюцца запазычанымі. Назавіце прыметы запазычаных слоў.
Абаліцыя, гравюра, імпічмент, фрагмент, бюджэт, лявоніха, афект, эпас, шчаслівы, аферта, вакантны, сыравіна, аванс, філасофія, авіза, сенажаць, волат, гіпотэза, інвестыцыя, чалавек, арэол, лазня, інцыдэнт, камуфляж, поспех, возера, агрэсія, працэс.
Да запазычаных слоў падбярыце беларускія адпаведнікі, выкарыстоўваючы словы для даведак.
Антыкварны, гігант, інцыдэнт, індыферэнтны, вакантны, карпарацыя, ландшафт, сімптом, шэф, паўза, утрыраваць, прыярытэт, сэрвіс, сінхронны, сурагат, аратар, фантом, фіяска, гуманны, традыцыя, фіксаваць, контур, шэраг, аграрны, адукацыя, аргумент, афарызм, дыкцыя, рэзюме, арфаграфія, аўдыенцыя, індустрыя, эксперымент, дэфект, брокер, дэбаты. Словы для даведак: раўнадушны, чалавечны, кароткі выклад, адначасовы, аб'яднанне, старадаўні, велікан, прамысловасць, здарэнне, няўдача, абыякавы, вымаўленне, свабодны, прымета, перапынак, пераважаць, перавага, адхіленне, заменак, прамоўца, прывід, правал, звычай, адзначаць, абрысы, мясцовасць, мноства, сельскагаспадарчы, навучанне, доказ, перабольшваць, правапіс, афіцыйны прыём, абслугоўванне, выслоўе, дослед, пасрэднік, спрэчкі, недалік, кіраўнік, прыбытковы.
Выпішые словазлучэнні, у якіх выдзеленыя курсівам словы адносяцца да спецыяльнай лексікі.
Удзельнікі крымінальнага працэсу, вячэрнія сустрэчы, муфта счаплення, імкненне да дасканаласці, аднаўленне крымінальнай справы, залік сустрэчных патрабаванняў, вытворчыя выдаткі, неабсяжнасць Бацькаўшчыны, кінуць позірк, гіпертанічны крыз, чароўнасць лесу, прыватызацыя маёмасці, матчына пяшчота, адваротная сіла закона, рэгрэсіўная асіміляцыя, абскарджанне дзеянняў службовай асобы, цяжкія хмары, гарачая спрэчка, асабістыя немаёмасныя правы, невялікая вуліца.
Выпішыце словы, якія адносяцца да пасіўнай лексікі.
Скібка, штатная колькасць, натарыят, маланкагромны, лёкай, гайдук, пейджар, бурун, уезд, дылер, дызель, палкаводзец, фундатар, слёзнавокі, атрамант, следства, янычар, грош, спраўнік, асадка, журавель, хлебадайны, айчына, паветра, раць, юрыдычныя нормы, перст, скурганелы, эксцэс абароны, ярмо, сумны, абдожджаны, доўбня, гута, лізінг, травень, гала-канцэрт, андарак, саета, жонка, бяроза, дызайн, мройнавокі, абвінаваўца, чынш, уласнік.
Да ўстарэлых слоў падбярыце агульнаўжывальныя словы. Пры неабходнасці карыстайцеся "Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы".
Дынама, дырэкторыя, аснач, кляса, сеча, прохаладзь, салаш, жомчуг, рагавень, кожан, жырандоль, кроза, імбрычак, аргумант, дэбаркадэр, фурманшчык, земства, выраза, клітка, арала, кляйноты, закляцце, улітаваць, чало, залатоўка, гэст, лгар, жаўнер, блюзка, закладная, упрашаць, пілігрым, магнэс, булат, вятрыла.
Размяркуйце прыведзеныя словы на асобныя групы ў залежнасці ад іх ужывальнасці. Запоўніце табліцу і растлумачце, чым адрозніваюца гэтыя словы паміж сабой. Дапоўніце табліцу іншымі вядомымі вам словамі. Пры выкананні задання выкарыстайце "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы".
Актыўная лексікаУстарэлыя словыгістарызмыархаізмы......... Вакацыі, берэйтар, метад, ураднiк, прыём, лазарэт, сустрэча, гісторыя, вока, нэпман, меч, лемантар, асвета, крыніца, літаваць, будзёнаўка, павет, пенаты, пікет, месяц, стаханавец, жырандоль, сонца, народ, князь, места, ратай, сеча, бярозка, смута, чало, баярын, аброк, войт, саета, чырвонаармеец, валока, раць, веча, перст, рамёны, калчан, тартак, земства, гута, дзiда, скрыжалi.
Літаратура:
1. Ляшчынская В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэб. дапам. - Мінск: РІВШ БДУ, 2001. - 256 с.
2. Сямешка, Л. І. і інш. Курс беларускай мовы: Падручнік / Л. І. Сямешка, І. Р. Шкраба, З. І. Бадзевіч. - Мн.: Універсітэцкае, 1996.
6
Документ
Категория
Разное
Просмотров
788
Размер файла
45 Кб
Теги
movy, belaruskay, lexika
1/--страниц
Пожаловаться на содержимое документа