close

Вход

Забыли?

вход по аккаунту

?

Беларуская літаратура 6 клас

код для вставки
Настаўніца беларускай мовы і
літаратуры Мархалюк А.З.
Беларуская літаратура, 6 клас
Тэма: Вячаслаў Адамчык “Салодкія яблыкі”. Аналіз апавядання
Мэта: паглыбіць першапачатковае ўспрыманне твора вучнямі,
ахарактарызаваць вобраз Тоніка, раскрыць сэнс назвы апавядання “Салодкія
яблыкі”; развіваць у шасцікласнікаў уменне характарызаваць героя праз
асэнсаванне яго думак, настрояў; дапамагчы вучням усвядоміць, што вайна –
гэта зло, што яна заўсёды згубна ўплавае на чалавека, прыносіць няшчасце,
забірае людзей, калечыць душы тых, хто ацалеў; зместам твора пераканаць
шасцікласнікаў у тым, што чалавек нясе адказнасць не толькі за свае ўчынкі,
але і за злыя думкі, за імкненне любой цаной пазбегнуць пакарання за
непрыстойны ўчынак.
Абсталяванне: мультымедыяпраектар, флэшкарта з запісам урыўка з фільма,
каляровая крэйда, падручнік “Беларуская літаратура” для 6 класа (аўт.
А.І.Бельскі, Л.К.Цітова), указка, лісты паперы А4 і каляровыя алоўкі і
фламастэры.
Эпіграф: Не паспелі ў шчасці як след накупацца мы –
Бомбы свіснулі, пырснула першая кроў,
Хата вочы закрыла дашчанымі пальцамі,
Каб не бачыць гора гаспадароў.
П.Панчанка.
Змест урока
І. Арганізацыйны момант
ІІ. Псіхалагічны настрой
Настаўнік зачытвае эпіграф
(Дэманструецца ўрывак з фільма пра вайну)
Наст.:- Якія карціны і вобразы ўзніклі ў вас пасля прагляду гэтага кадра з
фільма? Адкрыйце сшыткі, запішыце тэму ўрока, а пасля запішаце словыасацыяцыі, што ўзніклі ў вас пасля прагляду(пасля абмен сшыткамі)
- Якія словы ў суседа па парце вам найбольш імпануюць і чаму?
(развіццё і папаўненне лексічнага запасу вучняў)
Наст.: Так, дзеці, вось яна, вайна – бой, смерць, паражэнне, перамога,
перамога над сваёй слабасцю і ворагам. В.Быкаў пісаў: “Вайна – самае
праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі…Яна не павінна
паўтарыцца”
ІІІ. Пастаноўка мэтаў і задачаў урока
Наст.: Як вы, дзеці, лічыце, якія задачы на сённяшнім уроку нам трэба
вырашыць?
( На мінулым уроку мы пазнаёміліся з апавяданнем В.Адамчыка “Салодкія
яблыкі”. Нам неабходна прааналізаваць гэта апавяданне, даць
характарыстыку галоўнаму герою апавядання. Высветліць свае адносіны да
вайны.)
Наст.: А яшчэ, мы павінны з вамі вырашыць наступныя праблемныя пытанні:
- Чаму твор называецца “Салодкія яблыкі”, хоць набегу хлапчукоў, у
тым ліку і Тоніка, на сад адведзена ўсяго два абзацы?
- Чаму захварэў Тонік?
ІV. Праца па тэме ўрока
1. Чытанне твора ( ад пачатку і канчаючы словамі: “На трэцім тыдні чарга
дайшла да Папялішынай Марылі”)
2. Пытанні:
- Чаму непрыемныя абавязкі старасты выконвала кожная хата?
(Папярэдняга старасту Івана Якімчыка забілі партызаны. Яго лёс можа
напаткаць кожнага, хто зойме (хай і супраць уласнай волі) гэтую пасаду.
Таму і не знайшлося нікога ў вёсцы, хто б пагадзіўся быць старастам.
Вырашылі выконваць абавязкі старасты па чарзе: хай кожны пабудзе ў
гэтай ролі)
Наст.: Дзеці, звярніце ўвагу на тое, што Івана Якімчыка забілі партызаны,
а Сямёна Мокуця – паліцаі. Гінуць людзі, дзеецца жахлівае і незразумелае.
У ваенных абставінах вельмі цяжка арыентаваццы нават даросламу, а
жыццё патрабавала, каб у гэтым разбіраліся і дзеці.
- Чаму Марыля Папялішына абурылася, калі “старасту” прынеслі да
яе?
(Марыля – адзінокая жанчына, на яе руках дзесяцігадовы сын. А стараста
па службовых абавязках вымушаны адлучацца з хаты, і не толькі днём,
але і ноччу, суправаджаць, куды загадвалі, то паліцаяў, то немцаў, а часам
нават і партызан, выконваць іх даручэнні. Таму Марыля загаласіла: “Які ж
з мяне стараста? Хіба ж у вёсцы пазводзіліся мужчыны?”
- Раскажыце, якія захады робіць Марыля, каб пазбавіцца "старасты".
- Чаму жанчына панесла "старасту" да Жолудзяў не сама, а паслала
Тоніка, не пашкадаваўшы часу на яго пошукі?
(Нельга забываць, што Марыля ўжо каля года была пасвараная з суседзямі
за калодзеж і не размаўляла з імі. Гэта, аднак, знешняя прычына. Сутнаснае,
напэўна, было ў іншым. Жанчына як бы напамінала Жолудзям, што мужчына
ў яе доме яшчэ зусім малы, што ноччу яго аднаго нават нельга пакінуць у
хаце, а, крый божа, калі з ёю што здарыцца, з кім застанецца бязбацькавіч?
Марыля верыла, што сусед зробіць, як спрадвеку заведзена ў людзей, —
цяжэйшае бяруць на свае плечы мужчыны.
Жолудзь, аднак, "старасту" не прыняў. Чаму? У яго адмове ёсць свая
логіка: вызваліўшы Марылю ад "старасты", ён парушыў бы прынцып
калектыўнай дамовы: усе ў вёсцы старасты, але ніхто гэтую пасаду не
займае. Легка тлумачыцца і Жолудзеў адказ Тоніку: "То чаму цераз хату? Раз
усе, так усе". Пісьменнік выносіць свой прысуд вайне, якая прымушае
чалавека ісці насуперак спрадвечным законам супольнага жыцця. Мужчына
вымушаны ставіць жанчыну ў сітуацыю, якая ўскладняе і так нялёгкае жыццё
маці, якой цяжка адной гадаваць сына)
- "Стараста" засталася ў Папялішынай Марылі. Як да яе паставіліся
Тонік і яго мама?
(Хлопчык прынёс "старасту" ў двор і хутчэй пабег да сяброў, каб разам
шукаць на балоце качыныя яйкі. У яго былі свае, дзіцячыя, інтарэсы і
клопаты. Хоць Тонік — мамін памочнік, пасе нават карову, але найбольш
імкнецца пагуляць з сябрамі, пакупацца, злавіць адну-дзве рыбіны ці рака.
Галоўным клопатам у хлопчыка ў апошнія дні было, як пазбегнуць
Мокуцевай кары за спробу паласавацца яго салодкімі яблыкамі. Тонік гадаваўся без бацькі, таму пакаранне ад мужчыны здавалася яму асабліва
страшным. Старэйшы з Жoлyдзeвых хлопцaў доўга плакаў, калі Мокуць
"нашастаў па вушах", злавіўшы хлопца на яблыні. Марыля ж, напэўна,
спадзявалася, што неяк пройдзе тая радоўка, можа, абыдзецца без бяды. Быў
у жанчыны і больш пільны клопат — чым карміць дзіця? Яна наважылася
вечарам пайсці на хутары: можа, пазычыць хто мукі. Спадзяванне, аднак, не
спраўдзілася).
• Што ж здарылася ноччу? Перакажыце другую частку твора.
Ноччу ў вёсцы з'явіліся паліцаі, каб адправіць сялян у абоз. Не па сваёй волі
Тоніку прыйшлося ўзяць на сябе ролю старасты і паказаць двары, у якіх былі
коні.
• Паразважайце, ці мог Тонік абысці хату Мокуця і не сказаць, што ў яго
ёсць конь.
(Калі б хлопчык і зрабіў гэтак, паліцаі, хутчэй за ўсё, выявілі б падман, бо
сачылі, каб не была прапушчана ні адна хата. Трэба помніць, што Тонік яшчэ
зусім малы, няхітры, прастадушны, ён лічыць, што калі іх хата "стараста", то
трэба выконваць патрабаванні ўзброеных людзей).
• Бяда гэта ці віна Марылінага сына?
(Сёння мы разумеем, што гэта была бяда не проста дзіцяці, нават не вёскі,
а ўсяго народа. Імя ў гэтай бяды — вайна. Вайна такая, што цяжка зразумець,
дзе свае, а дзе чужыя, ад каго найперш чакаць бяды. Праўда, як паводзіць
сябе ў некаторых сітуацыях, Тонік ведаў. На пытанне паліцая, ці ёсць хто з
іхняй вёскі ў партызанах, адказаў адмоўна, хоць і чуў пра аднаго. Ён проста
паўтарыў словы старога Піліпа, якія той сказаў рыжаму немцу. Прамой віны
Тоніка ў тым, што Мокуця застрэлілі паліцаі, няма. Разам з тым маральная
адказнасць ёсць, бо ён недзе ў душы парадаваўся, што забіраюць у абоз
гаспадара салодкіх яблыкаў. Пакуль ён вернецца з абозу, то, напэўна,
забудзецца пра Тонікаў набег на сад, і пакарання можна будзе пазбегнуць.
Тым больш, што аднойчы ў хлопчыка так ужо было, калі ён упусціў карову ў
Жолудзеў авёс.
• А зараз звернемся да трэцяй часткі апавядання. Чаму Тонік моцна
затрывожыўся, нават болей, чым Арсенік, калі ўбачыў, што мокуцеўскі
конь вярнуўся дамоў без гаспадара?
(Гэта сведчыць пра тонкую, уражлівую натуру Марылінага сына: ён адчуў,
што здарылася нешта нядобрае, што вінаваты ў нечым страшным і
непапраўным. А пра Арсеніка ўжо ў пачатку апавядання чытаем, што "быў ён
надта рахманы і вельмі разважлівы". У гэтага хлопчыка пачуцці
прыглушаныя. Ён не адчувае бяды, жыве надзеяй, што ўсё будзе добра, як
заўсёды. Таму ён і ў хаце доўга не затрымліваецца, калі ў сям'і гора, а
імкнецца да сяброў).
• Аднавіце ў памяці чацвёртую частку апавядання. Прасачыце за
дзеяннямі, думкамі, перажываннямі двух хлопчыкаў.
(Тонік не знаходзіць сабе месца. Ён наважваецца ісці на рэчку, бо яму
сумна. Убачыўшы Арсеніка ля хаты, думае, што той чакае бацьку. Хлопчык
нехаця падыходзіць да сябра, калі ён паклікаў, без ахвоты згаджаецца ісці
глядзець гняздзечка птушкі. Калі Арсенік згадаў пра бацьку, Тоніку зноў
зрабілася сумна. Яго свідруе думка: "А што будзе, калі ўсе дазнаюцца, што
праз мяне не вярнуўся Арсенікаў бацька?" — Тоніку ўжо расхацелася
глядзець тое гняздо". У душы героя ідзе змаганне: прызнацца ці не
прызнавацца сябру, што гэта ён паказаў паліцаям Мокуцеву хату, сказаў, што
ў іх ёсць конь. Некалькі разоў Тонік парываецца гэта зрабіць, але пакуль не
гаворыць. У той самы час Арсенік сядзеў ля хаты, паклікаў да сябе Тоніка і
прапанаваў яму паказаць птушынае гняздзечка. За ўсю дарогу Арсенік не
выявіў ніякай трывогі за бацьку. Хлопчык спакойны, хоць падстаў для гэтага
няма: конь вярнуўся дадому без гаспадара. Праўда, Арсенік не прыняў
Тонікаву прапанову пайсці купацца на рэчку і намерыўся вярнуцца дадому,
каб даведацца, ці не вярнуўся бацька).
V. Фізкультхвілінка (праводзіцца з мячом: вучні называюць – якая ж яна
вайна?, перакідаючы мяч адзін аднаму)
• Звярніцеся да апошняй часткі апавядання. Які загаловак можна ёй
даць? Чаму менавіта такі?
("Расплата").
• Тонік, пачуўшы пра смерць Сцяпана Мокуця, палічыў сябе злачынцам,
якому не месца сярод добрых людзей. Як гэта выявілася ў яго паводзінах?
(Тонік не гоніць сваю карову ў грамаду, а выводзіць на ўзмежкі, дзе ёсць
нявыпасвеная трава, трымаючы яе на вяроўцы, пасе карову да позняй ночы,
каб ні з кім не сустрэцца, каб ніхто не папракнуў, што ён "удаў Мокуця",
адмаўляецца ісці ў дзіцячы гурт, хоць туды яго запрашае не хто іншы, як
Арсенік).
• Чаму Тонік сказаў Арсеніку: “Я ўдаў твайго бацьку»?
(Цяжар душэўнага болю быў такі вялікі, што насіць яго аднаму немагчыма.
Хлопчык прагнуў ачышчэння, пакарання, што зменшыла б яго пакуты.
Прызнанне, аднак, не зняло з душы дзіцяці адчування віны. Тонік не прыняў
"саломінку", якую кінуў яму Арсенік: "Што ты пляцеш? Бацьку майго ўдаў
стары Цурусь". Тонік, аднак, паўтарыў сябру: "Не, гэта я, калі быў за
старасту. Але ж я не ведаў, што яго застрэляць..." Якімі б ні былі абставіны
вакол чалавека, але ўчынкі ён здзяйсняе сам, на ўласны выбар. За свой
учынак нясе пакаранне і Тонік. Пакуты сумлення і ўражлівасць прыводзяць
яго да цяжкай хваробы. Вось цана, здавалася б, бязвіннаму ўчынку —
паласавацца чужымі салодкімі яблыкамі, залезці ў суседскі сад, папярэдне
абдурыўшы і свайго сябра Арсеніка, пастарацца пазбегнуць пакарання).
• На старонках апавядання В. Адамчыка "Салодкія яблыкі" вы сустрэліся
з двума хлопчыкамі. 3 кім з іх — Тонікам ці Арсенікам — вы хацелі б
сябравацъ? Чаму?
(Герояў В. Адамчыка і А. Кудраўца яднаюць чуйныя, уражлівыя душы,
пакуты сумлення, адчуванне сваёй віны за кепскія ўчынкі. Так, Кастусь
пазбавіў сам сябе радасці пайсці ў кіно, а Тонік цяжка захварэў. Ён узяў на
сябе чужую віну — віну тых, хто распачаў жахлівую вайну, якая вымушае
рабіць нялюдскія ўчынкі не толькі дарослых, але і дзяцей. Пісьменнік
завяршае твор радкамі, якія даюць надзею на выздараўленне Тоніка: маці
рыхтавала сыну напой з гарніку, "што памагае, як яна ведала, ад усіх хвароб".
У адносінах да Тоніка можна адназначна сцвярджаць, што ў дзесяць гадоў
для яго скончылася дзяцінства, і вінаватая ў тым вайна, якая адабрала ў яго
радасць маленства).
Наст.: Беларускі пісьменнік выявіў свой гуманістычны ідэал, вынес
прысуд вайне. Твор напісаны ў сярэдзіне 60-х гг., калі перад чалавецтвам
зноў пагрозліва ўзнік прывід новай, на гэты раз атамнай, трагедыі.
В. Адамчык усім зместам твора пераконвае чытача яшчэ і ў тым, што кожны
чалавек нясе адказнасць не толькі за ўчынкі, але і за думкі, пачуцці. Зло не
можа быць беспакараным.
VІ. Вырашэнне праблемнага пытання
«Чаму твор называецца "Салодкія яблыкі"?, “Чаму захварэў Тонік?»
(Тонік палез у сад да Мокуцяў, добра ведаючы, што гэтага рабіць нельга
(пра гэта не забывала гаварыць мама), ведаў хлопец і пра пакаранне, якое яго
чакае і ад мамы, і ад суседа, калі будзе злоўлены. Яблыкі былі хоць і
маленькія, як арэхі, але салодкія. Жаданне імі паласавацца перамагло
забароны. Падмануўшы Арсеніка, сына Мокуця, хлопцы прабраліся ў сад.
Адзін з тройкі быў злоўлены і пакараны гаспадаром. Тоніку ўдалося ўцячы.
Ён быў пакараны мамай, але асабліва баяўся, што Сцяпан Мокуць зловіць і
добра накруціць яму вушы. Тонік імкнуўся любой цаной пазбегнуць
пакарання. Таму і ўзрадаваўся, калі паліцаі пагналі суседа ў абоз: "Мне ўжо
не будзе каго баяцца..." Бо, калі вернецца з абозу Мокуць, пра набег у сад
забудзе. Сусед не вярнуўся. Душэўныя пакуты героя, яго хвароба — вось
цана парушэння запаведзі Гасподняй: "Не ўкрадзі”. Калі б Тонік не
паквапіўся на салодкія яблыкі Мокуця, у яго не было б асабістай віны за
смерць Мокуця. Яблыкі аказаліся надта горкімі для героя.
VІ. Падвядзенне вынікаў урока
Наст.: - Дзеці, дык скажыце, калі ласка, вайна, чаму яна роўна?
(ВАЙНА = чаму?)
- А зараз, падзяліцеся на групы, я вам прапаную такое заданне:
Намаляваць за некалькі хвілін прадмет ці з’яву, з якімі ў вас асацыіруецца
вайна(пасля выканання задання кожная група агучвае свой выбар)
VІІ. Выстаўленне і каменціраванне адзнак
VІІ. Заданне на дом. Падрыхтавацца да адказу на пытанне "Віна і расплата
Тоніка"або падрыхтаваць выказванне “Што значыць для мяне вайна?”
Документ
Категория
Поэзия
Просмотров
2 868
Размер файла
70 Кб
Теги
1/--страниц
Пожаловаться на содержимое документа