close

Вход

Забыли?

вход по аккаунту

?

Вершы пра восень

код для вставки
Вершы пра восень
Адыход лета
Зноў верасня чутны здалёку
крокі —
3 узлескаў, лугавін і бальшакоў,
Бо дні такія чыстыя і крохкія,
Як шапачкі ў тугіх баравікоў.
Астыла лета. Ды яшчэ не верыцца,
Што больш не будзе
Цёплых летніх дзён.
I хочацца, забыўшыся
на верасень,
За летам паімчацца наўздагон
I клікнуць, каб яно хоць азірнулася,
I папрасіць,
Каб зноў назад вярнулася
I пасвяціла, хоць адзін дзянёк...
А верасень за ўсіх дзяцей
турбуецца,
Як першакласнік радасны,
хвалюецца,
Трасе, як грушу спелую, званок.
Ю. Свірка
Верасень
Чарадзейны Верасень
Заквітнеўся верасам.
Голле дуба-волата
Ён прыбраў у золата.
На рабінках быццам кралі.
Гэта — ягады-каралі.
А кляновае адзенне —
Фарбаў рознае адценне.
Як у хустачках дзяўчынкі,
Чырванеюць дзве асінкі.
Чарадзейны Верасень
Расквітнеўся верасам.
Лісток
Звонкі лісток адарваўся ад клёна
I пакаціўся, пабег па зямлі.
А на палянцы жоўта-зялёнай,
Быццам наструнах, іграюць чмялі.
Верас ліловы, як на цымбалах,
Ціха трымціць увесь дзень
дацямна.
Колеры лета рабіна сабрала,
I чырванее на сонцы яна.
Як я люблю вераснёвыя дзівы!
Ходзяць па лесе вятры-трубачы.
Толькі грыбы паглядаюць
маўкліва —
Песням патрэбны свае слухачы.
Э.Агняцвет
Рыжая восень
На парозе восень
Рыжая стаіць
I вачмі дажджлівымі
На лугі глядзіць.
Ахінае посцілкай
Жоўтаю лясы.
Пакрывалам бэзавым
Ззяюць верасы.
Туманы бялёсыя
Над вадой плывуць.
3 крыкамі журботнымі
Журавы лятуць.
На лугах пакошаных
Копы і стагі.
Край мой беларускі,
Родны, дарагі.
С.Панарад
Верасень
Ехаў Верасень па верас
На кабылцы цёмна-шэрай.
Шпарка воз каціўся ўлегцы,
Тузаў Верасень за лейцы.
А за ім сядзеў сынок,
У руках трымаў званок.
Як наскаквалі на пні,
Ён званіў у цішыні.
Забаўляў малога звон:
“Прэч, сум!
Прэч, сон!..”
Верас,верас, верасок —
Назбіралі ўдвух вазок.
3 лесу ехалі дахаты —
Сын заснуў, закалыхаты.
Як узбіліся на брук —
Ён, званок той,
Выпаў з рук...
Зёлкі Верасень прывёз,
Сын жа выліў рэчку слёз:
Да змяркання праблукаў,
А званка не адшукаў.
Кажа Верасень сынку:
Не тужы ты па званку.
Павяду на першы ўрок —
Знойдзеш, ведаю, званок.
М. Чарняўскі
Верасень
Ціха верасень тчэ павуцінкі,
Лета бабіна ў мроях сваіх...
Спеюць бэры, антонаўкі, пуцінкі,
Цішынёй наталяецца слых.
Школы ўсе ажылі, загудзелі,
А вяргіні, нібыта шары,
Пасля свята званка зноўку селі
Каля школы і ў кожным двары.
Перад бурай, напэўна, зацішша,
Прадчуванне няяснай тугі...
Па-над хатамі ластаўкі ўвішна
Развітальныя робяць кругі.
П. Саковіч
Адлёт жураўлёў
Белыя валокны
Сцелюцца над долам.
Не спяваюць птушкі,
Сціхнуў лесу шолам.
Сцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
I агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
Я. Колас
Дзень добры, восень!
Расу на травы ніжа
Пад вечар цішыня.
А сонца ніжай, ніжай,
Iхаладней штодня.
Трапеча аблачынка
У белай чарадзе,
Як школьніца-дзяўчынка,
Што ў першы клас ідзе.
Папрацавала лета —
Збірала дзень пры дні
У бэрах і ранетах
Скарбонкі цеплыні.
I нас цяпер, увосень,
Не спудзяць халады —
Як сонца, мы падносім
Да губ сваіх плады.
Смяёмся мы шчасліва:
Да новых весніх дзён
Нас будзе грэць рупліва
Багаты летні плён.
П. Макаль
Документ
Категория
Без категории
Просмотров
1 220
Размер файла
65 Кб
Теги
вершы
1/--страниц
Пожаловаться на содержимое документа