Азбука народнай мудрасці
код для вставкиАзбука народнай мудрасці 1 кастрычніка — Арына-плакуння жураўліная. У гэты дзень праводзілі журавоў: “На Арыну і адсталы жораў за цёплае мора пацягнецца”. “Колам дарога!” — крычалі ўслед, каб па вясне дамоў вярнуліся. Калі гусі і жураўлі не спяшаюцца пакінуць родныя мясціны, гаварылі ў народзе, што сцюжа не хутка наступіць і зіма будзе кароткай. Народжаныя ў гэты дзень становяцца ярка выражанымі лідэрамі, вырастаюць ганарлівымі і ўладарнымі людзьмі. Поспех у іх дзеяннях дасягаецца жаданнем працаваць і ўменнем глядзець у будучыню. Кастрычніцкія вятры дружна налятаюць на дрэвы, скідаюць рэзкімі парывамі лісце на зямлю. За гэта кастрычнік называлі лістабоем і лістадзёрам. Калі ж вятры як след бяруцца за работу ў сонечнае надвор’е, над зямлёй шапаціць казачны залаты дождж. Адсюль кастрычнік – залацень. Буйныя вятры часам прыносяць дажджы-косахвастуны, падсцёбы, тыя, што льюцца ў напрамку моцнага ветру. Якраз за такое надвор’е атрымаў месяц назвы кісельнік і крутаверць. Кастрычнік – парог зімы, месяц ледзяных дажджоў, мокрага снегу і асенняга бездарожжа. Адсюль і яшчэ адна назва – гразнік. 14 кастрычніка – самае галоўнае свята месяца – Пакровы, або Пакроў (пакрывала Багародзіцы) і адначасова старажытнае свята славян – заканчэнне восеньскіх работ. Пра яго гаварылі: Прыйшла Пакрова – заціхла дуброва. На Пакровы зямля снегам пакрываецца, марозам адзяваецца. На Пакровы да палудня восень, а пасля палудня зімачка-зіма. Святы Пакроў пакрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаха пяром. На Пакровы зіма “закрывае” лета, закоўвае зямлю, і ўжо да вясны аніхто не зможа знайсці скарбаў. 31 кастрычніка – апошні дзень месяца, па народным календары – Лука. Па ім арыентаваліся на заканчэнне ўсіх палявых работ. Народжаныя ў гэты дзень становяцца прагматыкамі, людзьмі рашучымі і актыўнымі. Валодаюць практычным розумам і выдатнай інтуіцыяй. Абаяльныя і дружалюбныя. У народным календары кастрычнік пазначаны шматлікімі прыказкамі і прымаўкамі: Кастрычнік зямлю балоціць, а лес залоціць. Кастрычнік на плямістым кан едзе. У кастрычніку на адной гадзіне дождж, і снег. У кастрычніку і хата з дровамі, мужык з лапцямі. У кастрычніку з сонцам разлічыся, бліжэй да печы падбярыся. У кастрычніку дождж дробна сеецца, але доўга цягнецца. Кастрычнік зямлю пакрывае дзе лістком, а дзе сняжком. Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю.
1/--страниц