close

Вход

Забыли?

вход по аккаунту

?

Вершы пра лета

код для вставки
Вершы пра лета
Усход сонца
Сноп праменняў, пышна ўзняты,
Сее бляск-чырвонцы –
Гэта неба сцеле шаты
На дарогу сонцу.
Над палямі мрок прарваўся,
Па нізах расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.
Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны –
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
Iдзяньку кароны.
Як прыемна пахне збожжа!
А вакол – спакойна!
Эх, як слаўна, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!
I сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных...
I дзе ёсць такія скарбы
Гожства, сугалосся?!
Я. Колас
Хмаркі
Ад лютай летняй спёкі
Гарыць сухі пясок
I пачарнеў далёкі
Нахмураны лясок.
Заціхлі скрозь жняяркі –
Прыпынак на абед.
А перыстыя хмаркі
Плывуць няспынна ў свет.
Ад іхных крыл у ясны,
Гарачы летні дзень
На полі невыразны
Кладзецца лёгкі цень.
Iпавявае з долаў
Цудоўным халадком,
I жыта хіліць голаў
Падсвежым вецярком.
Падзяку шэпчуць дрэвы
За гэты добры дар,
I жывяць іх павевы
Людскі спацелы твар.
Вітанне ж вам, аблокі,
Вы, быццам чарадзей,
Бароніце ад спёкі
I травы, і людзей.
П. Глебка
Грыбы
Дождж прайшоў –
I ёсць надзея,
Што грыбоў
Ён шмат насеяў.
Ну, а бор тут,
За ракой,
Да грыбоў
Падаць рукой...
Ля зялёнага дубка
Я знайшоў баравіка,
А далей іду – ля сцежкі
Маладыя сыраежкі.
Пад ялінкай
Невялічкай
Прытаіліся
Лісічкі.
Ля бярозак,
Быццам бабкі,
Ціха гутараць
Абабкі.
Разам з імі
Ярка-рыжы,
Ажно вочы ломіць,
Рыжык...
У. Карызна
Хлеб
Жыта-жыта, жоўтае калоссе!
Навакол бурштынавы разліў.
За гарачым жніўнем прыйдзе
восень –
Гаспадыня хмар, садоў і ніў.
I красою фарбаў разнастайных
Разгарацца шумныя лясы.
А пакуль плывуць-плывуць
камбайны,
Падаюць са звонам каласы.
Жыта-жыта! Доўгая дарога –
Ад зярнят, рассыпістых, малых,
Да буханкі хлеба аржанога,
Да акрайца у руках тваіх.
Э. Агняцвет
Канчаецца лета
Жнівень – месяц дужа дбайны
(Дзень даволі йшчэ даўгі) –
Па палях ідуць камбайны,
На лугах растуць стагі.
У садах плады цяжэюць,
Шмат брусніцы у лясах.
Тут рабіны прыгажэюць:
Гронак яркая краса.
А лісічкі дружна гэтак
I іскрава прараслі,
Быццам золата манетак
Хто рассыпаў на зямлі.
Разліваючыся шырай,
Туманок плыве з ракі,
I рыхтуюцца ўжо ў вырай
Ластаўкі і жаўрукі.
Лета-лецейка мінае,
Ды прырода сну не знае.
В. Жуковіч
Жнівень
Год багаты, умалотны.
Пахне жытам і раллёй.
Жнівень белыя палотны
Рассцілае над зямлёй.
У тумане на балоце
Пратрубілі журавы.
Гай стаіць у пазалоце,
Парыжэлі паплавы.
Над лясамі, над лугамі
Праплыве гусіны клін.
Не змываецца дажджамі
Чырвань яркая з калін.
На хмурынцы гром паехаў
Міма сосен і дубоў.
Многа яблык і арэхаў,
Многа ягад і грыбоў.
Пазбіраюць людзі дбайна
Лета шчодрыя дары.
Сціхлі на палях камбайны –
загудзелі трактары.
За асінкай, за вярбою
Восень – рыжаю лісой.
Пахне жытам і раллёю
Перад новаю сяўбой.
В. Гардзей
Документ
Категория
Без категории
Просмотров
1 181
Размер файла
642 Кб
Теги
вершы
1/--страниц
Пожаловаться на содержимое документа